СТЭРЭАТЫ́П САЦЫЯ́ЛЬНЫ,

адносна ўстойлівы, спрошчана-рэдукаваны вобраз ці ўяўленне пра пэўны сац. аб’ект (індывіда, групу, падзею і інш.); эмацыянальная форма выяўлення сац. устаноўкі. Тэрмін «С.с.» ўведзены ў навуку амер. публіцыстам і сацыёлагам У.​Ліпманам у працы «Грамадская думка» (1921). Механізм С.с. заснаваны на псіхал. працэсе абагульнення свайго і чужога вопыту ўспрымання і ацэнкі сац. з’яў і працэсаў; фарміруецца ва ўмовах няпоўнай ці пераменлівай інфармацыі пра пэўны сац. аб’ект як тыпізаваныя, стандартызаваныя, часам шаблонныя ўяўленні асобных індывідаў ці груп. Устойлівасць С.с. адыгрывае станоўчую ролю ў паўсядзённай практыцы людзей, але не адпавядае патрабаванням зменлівай, праблематычнай сітуацыі. Ва ўмовах сац. трансфармацый С.с. часам прыводзяць да скажонага ўспрымання і неадэкватных, прадузятых меркаванняў пра пэўныя сац. групы і з’явы, таму важна карэкціраваць уздзеянне С.с. на асобу ці сац. групу на аснове верыфікацыі сапраўднасці ці памылковасці вобразаў і ацэнак, якія складаюць С.с.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 15, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)